Проекты

Основные разделы сайта

«У беларускага бізнэсу няма звярынага выскалу капіталізму»

…Нейкі дробны чыноўнік з нейкага дзяржведамства вельмі неаб’ектыўна ставіўся да прадпрымальнікаў. І розныя іх прапановы па паляпшэнні эканамічнай сітуацыі ў краіне прапускаў міма вушэй. Маўляў, што там карыснага могуць сказаць гэтыя бізнэсоўцы. Доўга яго ўгаворвалі хаця б пачытаць іх Нацыянальную платформуі ўсё ж угаварылі. Ды вырашылі “праверыць” чыноўніка – у вокладку ад прадпрымальніцкай Нацыянальнай платформы паклалі План першачарговых мерапрыемстваў па лібералізацыі, распрацаваны Урадам. І чыноўнік ці то чытаў яго, ці то не, але дакуменцік… аблаяў…

 

Такую ці то байку, ці то праўду пачуў я на асамблеі дзелавых колаў, калі прадпрымальнікі казалі, што месцамі пра іх праблемы і прапановы проста не хочуць чуць. У прынцыпе, гэта не лагічна, бо хто, як не бізнэсоўцы, ведаюць эканамічную сітуацыю знутры. Сёння мы пагаворым про праблемы беларускага бізнэсу і пра магчымыя варыянты развіцця эканамічнай сітуацыі са старшынёй саюза юрыдычных асобаў “Рэспубліканская канфедэрацыя прадпрымальніцтва”, дырэктарам гандлёвага прыватнага ўнітарнага прадпрыемства “Трыдакта” Віктарам Маргелавым:

 

— Вось у Нацыянальнай платформе бізнэсу на 2009 год, прынятай нядаўна на рэспубліканскай асамблеі дзелавых колаў, выдзелена 12 самых важных і першачарговых крокаў. Але вельмі сумніўна, што Урад выканае ўсе пункты адразу. Можна вылучыць з іх самы-самы важны і набалелы?

— Па-першае, адразу хачу расставіць кропкі над «і»: ніхто і ніколі не казаў, што ўсе пункты трэба выканаць заўтра. I па-другое, мы не збіраемся выконваць функцыі Урада, бо заўсёды недзе заканчваецца праца бізнэс-супольнасці і пачынаецца праца прафесіяналаў. Мы можам дапамагаць ім пісаць добрыя нарматыўна-прававыя акты, экспертызу даваць, але не больш за гэта. Іх некалькі тысяч у гэтым працэсе, а нас толькі некалькі дзясяткаў, хто можа з імі прафесійна размаўляць. А тысячы прадпрымальнікаў толькі кажуць, дзе баліць... Натуральна, пасля таго як у якасці ідэі прымаецца Нацыянальная платформа, трэба думаць, як і што ў першую чаргу рабіць. Нельга ж ступіць і правай, і левай нагой адначасова. Нешта першае трэба пачынаць рабіць, але разумеючы, што за гэтым будзе рабіцца і другое. Абсалютную большасць нашых прапановаў можна вырашыць на працягу гэта-га года. Так, чыноўнікам трэба будзе заняцца інтарэсамі дзелавой супольнасці замест нейкіх сваіх прыярытэтаў, але чаму не? Справа не ў грашах, не ў тым, што гэта нерэальна ці супярэчыць дзяржаўнай палітыцы, а ў тым, што гэтым проста трэба заняцца. Дык давай-це рабіць, мы гатовыя дапамагаць. З 12-ці ўжо выбіраць няма куды, гэтыя 12 — самыя галоўныя. Пы-танне ў іншым — у якой паслядоў-насці іх выконваць. Мы прэтэнду-ем на тое, што прапанавалі ідэі Ураду, а ён хай піша план, бо мы ж не Урад.

— Адзін з гэтых 12 пунктаў — увядзенне свабоднага цэна-ўтварэння. Хутчэй за усё', дзяржава проста баіцца, што калі цэны адпусціць, то яны рэзка папаўзуць уверх. Што трэба зрабіць для практычна-га пераходу ад цэнтралізава-нага рэгулявання цэнаў да сва-боднага?

— Пытанне свабоднага цэнаўтварэння ўпіраецца ў нашае ан-тыманапольнае заканадаўства і адпаведныя органы, якія трэба стварыць. Але хіба прадпрымальнікі вінаватыя, што такіх органаў няма? Калі дзяржава разумее іх патрэбу, то давайце ствараць. Напрыклад, паўгода адводзім на разгортванне антыманапольных інстытутаў, а потым робім свабодныя цэны. Разумна? Разумна! Безумоўна, я цалкам згодны, што структура антыманапольнага рэ-гулявання складаецца з дзвюх частак: па-першае, трэба стварыць заканадаўства, якое б забяспечыла прававыя антыманапольныя рамкі, і, па-другое, трэба антыманапольныя органы запусціць. Вось якраз камітэт па цэнах можа быць пераўтвораны ў антыманапольны орган. Толькі яны ўжо не будуць хадзіць па крамах і пытаць, чаму сёння мандарыны падаражэлі, а будуць назіраць за пастаўшчыком-манапалістам гэтых мандарынаў на беларускі рынак і думаць, што зрабіць, каб пастаўшчыкоў мандарынаў было шмат. Гэта значыць праца будзе трохі іншай: змагацца не з наступствамі, а з прычынамі. Грамадскасць да нагляду за манапалістамі трэба падключыць, прэсу, трэба імкнуцца да стварэння рэальнай канкурэнцыі, дэманапалізацыі. Вось прыклад: цэны на нафту ў свеце ўпалі ў тры разы, а цана на бензін у нас толькі падымаецца. От тут павінен працаваць антымана-польны камітэт і глядзець, хто вяршкі здымае. Я разумею высакародную мэту, што і бюджэт болей атрымлівае, але мяркую, што не толькі бюджэт...

Далей нам патрэбны механізмы самарэгулявання рынку, адпаведныя інстытуты, асацыяцыі, створаныя самімі ўдзельнікамі рынку, хай на першым этапе і пры ўдзеле дзяржавы. Правобраз — таварыства ацэншчыкаў. Такія ж механізмы павінны быць створа-ны і ў гандлёвай сферы, і ў іншых. З аднаго боку, мы такім чынам паменшым дзяржаўныя выдаткі на рэгуляванне, а з другога боку мы зможам фарміраваць больш гнуткія правілы для ўдзельнікаў рынку, пра што сведчыць і сусветны вопыт. Дзяржава ніколі не паглыбіцца ў нюансы, не зразумее глыбіні, а пры хутка зменлівай сітуацыі патрэбныя больш гнуткія механізмы самаарганізацыі рынку. Сёння ў нас два шляхі: альбо мы застаёмся на прынцыпах сацыялізму, альбо пераходзім на рынкавую сістэму, як ва ўсім свеце. За тры дні гэтага не зробіш, механізмаў не наладзіш, ды і ніхто не кажа, што цэнарэгуляванне заўтра трэба адмяняць. Трэба ўвязаць мерапрыемствы адно з адным і, скажам, праз год перайсці на свабоднае цэнаўтварэнне. Без яго мы, умоўна кажучы, не можам сёння мець эфектыўную эканоміку, якая сама сябе выцягне за валасы. Калі раней, яшчэ год таму, мы маглі сабе дазволіць пры наяўнасці каласальных дзяржаўных рэсурсаў дапамагаць развівацца прадпрыемствам, даваць грошы на інавацыі, то на сёння такіх магчымасцяў няма. I вельмі сумніўна, што большасць нашых дзяр-жаўных прадпрыемстваў здольная пры скарачэннях рынкаў захаваць рэнтабельную працу. Так, раней дзяржаўная форма арганізацыі вытворчасці была больш выйгрышнай, але зараз, ва ўмовах фінансавага эканамічнага крызісу, калі разбураюцца старыя рынкі збыту і гэтак далей, сусветны вопыт паказвае, што дзяржпрадпрыемствы ў такой сітуацыі не надта спрытныя. Новую нішу на свае страх і рызыку лепей знаходзяць камерсанты, якія рызыкуюць і ўласным капіталам, і аўтарытэтам, і жыллём, і будучыняй сваёй сям'і, а не проста прэміяй дырэктару за-вода. Мы баімся, як людзі гаспа-дарлівыя, што калі пачнуць закры-вацца заводы, то праз 2-3 гады іх прастою з іх раскрадуць усё. Мы лічым, што трэба знаходзіць ва-рыянты ў агульным інтарэсе, і калі ёсць магчымасць знайсці рэальнага гаспадара, які не пагоршыць сітуацыю, то гэта трэба рабіць у разнастайных формах: арэнды, продажу з растэрміноўкай, прода­жу за 1 базавую велічыню і гэтак далей. Так мы зможам падняць айчынны бізнэс, пакуль яшчэ ёсць час — прыкладна год. Потым і платформа будзе іншая, і прапановы іншыя, бо, як кажуць, позна піць Баржомі будзе...

— Значыць, для пераходу на свабоднае цэнаўтварэнне нам трэба зрабіць два крокі: спачатку стварыць антыманапольныя органы і заканадаўства, а потым — інстытуты самарэгулявання?..

— Іх можна ствараць паралельна. За месяц можна пераўтварыць камітэты па цэнах у антыманапольныя органы. З самарэгуляваннем паскладаней будзе — спатрэбяцца месяцы 2-3. На сёння няма ніводнага разумнага абгрунтавання, чаму вытворцы не могуць самі вызначаць цану на сваю прадукцыю, за выключэннем таго, што за манапалістамі трэба назіраць. У тым жа Мінэканомікі прапаноўвалі выдзеліць 400 пазіцый, якія дзяржава будзе рэгуляваць. Перш за ўсё гэта паліўна-энергетычныя рэсурсы — элект-рычнасць, нафта, бензін, ЖКГ і гэтак далей. Вось гэта — правільны падыход. Бо тут сапраўды складана разабрацца, а цэны кладуцца на ўсё астатняе, тут, безумоўна, патрэбна дакладнае дзяржрэгуляванне. А ва ўсім астатнім рынак хутка ўсталюе ўсе цэны. Зноў пытанне, што цэны падымуцца. Натуральна, спачатку падымуцца, але ж трэба памятаць, што большасць з нас выступае ў 2 асобах: як працаўнікі, напрыклад, малаказавода мы зацікаўлены ў павелічэнні цаны, а з другога боку, як пакупнікі заўтра ў краме, мы зацікаўлены ў памяншэнні цаны. Мо-жа быць пераразмеркаванне рэсурсаў, калі пры высокіх цэнах на малако з'явіцца шмат ахвотных яго вырабляць і паціху цэны зні-зяцца. Праўда, такія працэсы будуць ісці павольна. Ды і па вялікім рахунку, рэгуляванне цэнаў у краіне ў прынцыпе не залежыць ад нашых вытворцаў ці гандлю — мы маленькая адкрытая краіна і можам выставіць цэны, груба кажучы, прыкладна так, як і ва ўсім свеце. Калі наш вытворца скажа, што хлеб павінен падаражэць у два разы, то, напэўна, адразу з'явяцца камерсанты, якія з Расіі пачнуць вазіць хлеб і закрыюць гэтую нішу. I гэта будзе правільна. Так што баяцца вялікіх перагібаў накшталт таго, што ўсё падаражэе на 30 працэнтаў і вышэй, не трэба. Глабальна баяцца не варта. У цэлым цэны застануцца такімі ж, але на штосьці павялічацца, а на штосьці паменшацца. Такім чынам рынак ліквідуе грымасы дзяржаўнага рэгулявання.

— Віктар Ягоравіч, паколькі ў вашую канфедэрацыю ўваходзяць саюзы прадпрымальнікаў, то дазвольце спытаць і пра ІПэшнікаў: наколькі дзейсным крокам з'яўляецца пераход да рэгістрацыі па заяўным прын-цыпе?

— Статыстыка паказвае, што назіраецца ўсплёск рэгістрацый, іх больш, скажам, у два разы. Але гэта адкладзены попыт, бо ўсе пра такі крок ведалі з лістапада-снежня і проста чакалі. Я мяркую, што месяцы за 2 гэты патэнцыял скончыцца, і застанецца колькасць трохі большая, чым была да Указа. Гэта правільная рэч, добрая рэч, за рэдкімі агаворкамі вельмі правільная рэч, гэта сёння неабходна, але недастаткова. Дзелавы асяродак павінен змяніцца па іншых аспектах, і тады людзі ахвотна пойдуць. У кожнага ёсць ма-ра пабудаваць добры дом, ездзіць на большменш прыстойнай машыне, не баяцца за заўтрашні дзень. Гэта нармальная мара, якую за кошт малога бізнэсу можна ажыццявіць. Але такой мары павінны дасягаць хаця б 30 % прадпрымальнікаў. А сёння мы бачым іншае. Чые катэджы стаяць? Думаеце, прадпрымальнікаў? Не, чыноўнікаў. Сёння выгадна быць чыноўнікам, знаходзіцца ў дзярж-структурах, а толькі пасля быць прадпрымальнікам.

— Раз-пораз уздымаецца пытанне пра тое, што трэба дазволіць ІПэшніку мець аднаго ці некалькіх наёмных працаўнікоў. Што вы лічыце на гэты конт?

— Тут комплекснае пытанне, пытанне дзвюх справядлівасцяў. Першая, якую рэалізуюць улады, заключаецца ў тым, што ўсе павінны быць роўнымі — і маленькі П, і вялізная дзяржаўная карпарацыя або холдынг. Такой роўнасці не атрымлівалася, бо ў IП ільготы па падатках, дзяржрэгуляванні, і таму было вырашана зменшыць перавагі IП да нуля. У нас іншы падыход, адпаведны пункт ёсць і ў Нацыянальнай платформе бізнэсу, — усе павінны быць роўнымі ў сваіх вагавых катэгорыях. Самым маленькім павінны быць самыя маленькія падаткі і дзяржрэгуляванне, да большых прадпрыемстваў — большыя патрабаванні, да манапалістаў — максімальныя. У нас жа атрымалася, што індывідуальныя прадпрымальнікі ў добрых умовах, а малы бізнэс мае такую ж нагрузку, як і ў вялікага прадпрыемства. А павінна быць выгадна на пэўным этапе перайсці з IП у малое прадпрыемства, далей у сярэдняе і буйное. Я быў у ЗША — у іх там няма абмежаванняў на наёмных працаўнікоў у IП. Але там так наладжана падатковая сістэма, што табе калісьці стане нявыгадна заставацца IП. Плюс адказнасць. Iндывідуальны прадпрымальнік адказвае за ўсё сваёй асабістай уласнасцю. I таму ў Амерыцы людзі імкнуцца засцерагчы асабістую адказнасць ад адказнасці арганізацыі. Умоўна кажучы, калі нехта паслізнуўся на кавуновай лупіне ў тваёй краме, то ты банкрут з-за судовых выдаткаў. Але адна справа, калі банкрут — тваё прадпрыемства, а іншая — калі банкрут ты сам і застаешся без дома, машыны і г.д. Патрэбны механізмы, якія б стымулявалі паслядоўны паступальны рост. А ў нас? Вось навошта было спрошчаны пераход з IП у малое прадпрыемства рабіць часовым? Часовае дзеянне скончылася, і зараз глядзіце: я IП, маю фонды — машыну, лядоўню, вітрыну. I хачу стварыць малое прадпрыемства. Дык дазвольце без падаткаў перанесці маю маё-масць у маё ж малое прадпрыем-ства і працаваць далей!..

— Ну і напрыканцы хацелася б спытаць пра сацыяльную адказнасць прадпрымальнікаў. Ужо шмат чуў пра яе ад розных бізнэсоўцаў, але нядаўна задумаўся — ці існуе яна насамрэч? Глядзіце, пасля дэ-вальвацыі курс еўра вырас, а цэны за арэнду гандлёвых плошчаў не ўпалі. Па ідэі, арэндадаўцы (яны ж таксама прадпрымальнікі) павінны былі ўзгадаць пра сацыяльную адказнасць і скінуць цэны ў еўра... Але гэтага не адбылося. Дык ці не пустыя словы пра сацыяльную адказнасць прад-прымальнікаў?

— Тут існуе цэлы клубок супярэчнасцяў. З аднаго боку, калі мы такія рыначнікі, то павінны прызнаць, што права на ўласнасць павінна быць поўным і арэндадаўцы маюць права самі прызначаць цэны. Але з другога боку, шэраг арэндадаўцаў падпадаюць пад катэгорыю манапалістаў, і таму яны могуць выпампоўваць усе сокі з прадпрымальнікаў-арандатараў. У прынцыпе, жыццё і тут прымусіла знізіць цэны, бо шмат гандлёвых месцаў пачынала пуставаць. Я гэта назваў бы нават не сацыяльнай адказнасцю, а «шкурным» інтарэсам. Пад сацыяльнай адказнасцю я разумею іншыя аспекты — працоўныя калектывы, зарплату. Я шмат чуў прыкладаў, калі наш бізнэс быў сацыяльна адказным. Літаральна днямі мы вырашалі пытанне па нашаму даччынаму прадпрыемству: прадаўцы атрымлівалі зарплату ў залежнасці ад выручкі, але па выніках лютага мы пабачылі, што там спад. Прычым не па нашай віне, а з-за таго, што зачыніўся вялікі завод і 1,5 тысячы працоўных «гуляюць» трэці месяц за свой кошт. Там у горадзе ўсяго 15 тысяч насельніцтва, плюс гастарбайтары папрыязджалі з Расіі без грошай і селі на шыі жонкам... Адпаведна і выручка ўпала. I мы вырашылі прыбытак раздаць на зарплаты людзям, каб яны ў іх засталіся на тым жа ўзроўні. Вось гэта я назваў бы сацы-яльнай адказнасцю. Сёння трэба думаць пра людзей, пра калектывы. За рэдкім выключэннем, у нас няма звярынага выскалу капіталізму. Не думаю, што трэба баяцца прыватнай уласнасці, але пры ўмове, што лідарамі і ўласнікамі яе будуць нашыя беларусы, г.зн. людзі, якія выйшлі з нашай культуры. Для параўнання на прадпрыемствах з замежнымі інвестыцыямі, дзе іншая карпаратыўная культура, усё больш жорстка: крок улева, крок управа — звальненне. Таму мы прапануем падымаць менавіта айчынны бізнэс. Бо калі прапусцім гэтую магчымасць, дзяржаўную маёмасць разбурым, а айчынны бізнэс не падымем, то прыйдзе замежны, і будзе, як у той Венгрыі, дзе 90 % уласнасці належыць чужынцам. А гэта ўжо тужліва, я мяркую, гэта нікому не патрэбна...

 

Гутарыў Павел БЕРАСНЕЎ

Газета "Звязда"