Проекты

Основные разделы сайта

Уладзімір КАРАГІН: "Поўная рэалізацыя Дырэктывы №4 дасць 5 тысяч еўра зарплаты"

Звязда15 чэрвеня беларускі бізнэс адзначаў сваё прафесійнае свята (праўда, пакуль неафіцыйнае) — Дзень адраджэння прадпрымальніцтва Беларусі. Менавіта ў гэты дзень ў 1988 годзе быў зарэгістраваны першы ў рэспубліцы Цэнтр падтрымкі прадпрымальніцтва. З нагоды свята Уладзімір КАРАГІН, старшыня Мінскага сталічнага саюза прадпрымальнікаў і працадаўцаў сустрэўся з журналістамі і падзяліўся думкамі наконт месца бізнэсу ў грамадстве і эканоміцы.

 

— Зараз уклад бізнэсу ў эканоміку вельмі вялікі: малы і сярэдні бізнэс, практычна не атрымліваючы нейкіх уліванняў і датацый (за выключэннем невялікай дапамогі ад інфраструктуры падтрымкі), дае ў бюджэт краіны 27 працэнтаў (па стане на 1 студзеня 2011 года). Пры гэтым 90% малога і сярэдняга бізнэсу знаходзіцца ў стане арэнды, прадпрымальнікі не маюць уласных вытворчых плошчаў, памяшканняў, — сказаў Уладзімір Карагін і дадаў, што прадпрымальнік — гэта масавая прафесія, бо непасрэдна бізнэсам у Беларусі займаецца каля 600 тысяч чалавек (заснавальнікаў прадпрыемстваў, а таксама ІП).

Уладзімір Мікалаевіч адзначыў, што бізнэс-супольнасць спрабуе не даць падмяніць сапраўдны сэнс Дырэктывы №4 "Аб развіцці прадпрымальніцкай ініцыятывы і стымуляванні дзелавой актыўнасці ў Рэспубліцы Беларусь":

 

— Самым галоўным у Дырэктыве №4 з'яўляецца тое, што любыя рашэнні ў эканоміцы павінны, па-першае, публічна і шырока абмяркоўвацца; па-другое, абмяркоўвацца ва ўзаемадзеянні з бізнэс-асацыяцыямі і саюзамі; і па-трэцяе, паўсюль павінны быць створаны грамадска-кансультацыйныя саветы, асноўнай часткай якіх і будуць прадпрымальнікі. Так, шэраг міністэрстваў, не буду іх называць, стварылі кансультацыйныя саветы. Туды ўключылі па чатыры намеснікі міністра, спецыялістаў міністэрстваў і ведамстваў, а для прыгажосці, "для гарніру" — па 2-3 прадпрымальнікі. Не ў гэтым быў сэнс Дырэктывы №4! Кансультацыйны савет на 95% павінен складацца з людзей бізнэсу гэтай і сумежнай галіны, аналітыкаў, эканамістаў, экспертаў. Навошта падмяняць калегіі міністэрстваў? Вядома, супрацоўнікі міністэрства павінны там прысутнічаць, але ж нельга скажаць сітуацыю і ствараць толькі выгляд. Гэта фальсіфікацыя, і мы пра гэта шчыра кажам, — патлумачыў пазіцыю Уладзімір Карагін і дадаў: — Дырэктыва №4 працуе, і мы нікому не павінны дазволіць яе падмяніць, фальсіфікаваць.

Таксама Уладзімір Карагін упэўнены і ў важнасці Нацыянальнай платформы бізнэсу Беларусі-2011, якая была зацверджана на Асамблеі дзелавых колах у пачатку сакавіка:

 

— Паглядзіце тэкст платформы, і вы ўбачыце, што мы прагназавалі праблему дыспрапорцый на валютным і таварным рынках, мы ўносілі канкрэтныя прапановы. І калі б тады прыслухаліся да таго, што казалі прадпрымальнікі, сённяшняй сітуацыі ніяк не магло адбыцца. Мяне пытаюць: а што будзе, калі будзе рэалізавана Нацыянальная платформа бізнэсу Беларусі? Рэалізацыя ўсіх яе 104 пунктаў павялічыць бюджэт краіны ў тры разы, створыць дадаткова 2 мільёны працоўных месцаў. Але я падкрэслю: рэалізацыя поўная, а не асобных пытанняў. І сярэдняя зарплата ў Беларусі будзе набліжана да еўрапейскай — не менш за 2 тысячы еўра. А поўная рэалізацыя Дырэктывы №4 дасць 5 тысяч еўра зарплаты. Бзумоўна, яна будзе рэалізоўвацца не за адзін год, але я хацеў бы агучыць у нашых экспертных ацэнках, колькі каштуюць гэтыя дакументы, за што ёсць сэнс змагацца — за нармальную сумленную канкурэнцыю, за дэманапалізацыю эканомікі, за нацыянальную канкурэнтаздольнасць, за інавацыйны характар нашай эканомікі, за дэбюракратызацыю ўсіх працэдур у нашай краіне, за ўласнасць, за стварэнне масавага слоя ўласнікаў, а не купкі алігархаў-мільярдэраў.

Пры гэтым ён падкрэсліў таксама і важнасць аб'яднання самога бізнэсу:

 

— Ва ўсім свеце прадпрымальнікі аб'яднаны ў дзелавыя клубы, галіновыя і тэрытарыяльныя асацыяцыі, нацыянальныя канфедэрацыі, федэрацыі бізнэсу, дзелавыя сеткі, гандлёва-прамысловыя палаты. Як правіла, прадпрымальнік Еўропы ўваходзіць у 6-7 саюзаў адначасова. А ў некаторых краінах ёсць абавязковае членства, як, напрыклад, у Германіі — ты абавязаны з моманту рэгістрацыі быць членам гандлёва-прамысловай палаты, адной з рэгіянальных асацыяцый і адной з галіновых асацыяцый. Там скарочаны розныя патрабаванні, менш ліцэнзій, але затое членства ў асацыяцыях абавязковае. Таму той жа ўрад Германіі змог скараціць колькасць працаўнікоў міністэрстваў: некаторыя міністэрствы складаюцца з 50 чалавек, а асацыяцыі, якія працуюць сумесна з міністэрствамі, маюць па 200-300 чалавек спецыялістаў і супрацоўнікаў выканаўчага апарату. Але гэта не дзяржслужачыя, у іх няма сацыяльных прывілей дзяржаўных служачых, яны працуюць на ўзносы, іх выбіраюць і накіроўваюць самі прадпрымальнікі. Гэта дэмакратычныя арганізацыі, там пастаянна праходзяць ратацыі лідараў, якія прадстаўляюць інтарэсы бізнэсу ва ўрадзе.

 

Павел БЕРАСНЕЎ

Источник: www.zviazda.by