Проекты

Основные разделы сайта

Мікалай Снапкоў: “Нельга казаць, што дзяржава - сволач!”

Николай Снопков, Министр экономики РБМіністр эканомікі распавёў, чаму пазбягае слова "лібералізацыя", ці ёсць ва ўрадзе антыкрызісны штаб і што будзе, калі прынесці антыкрызісную праграму з вуліцы.
Фото: БЕЛТА
Фота: БЕЛТА

Міністр эканомікі распавёў, чаму пазбягае слова "лібералізацыя", ці ёсць ва ўрадзе антыкрызісны штаб і што будзе, калі прынесці антыкрызісную праграму з вуліцы.

Да міністра эканомікі Мікалая Снапкова я прыйшоў, “як партызан” (яго словы): запісаўшыся на асабісты прыём. Але калі праўда адкрылася - Мікалай Генадзевіч у інтэрв’ю не адмовіў. Як потым высветлілася ў нашай гутарцы, Еўрарадыё пашанцавала, бо міністр “выхоўвае сябе, каб не адштурхнуць”.

Сакратарка паставіла на стол Мікалая Снапкова кубачак кавы. Ён зрабіў глыток і дастаў дарагую цыгарэту з муштуком. Попельніцу міністр трымае ў верхняй шуфлядзе стала.

Еўрарадыё: Вас шмат хто лічыць прыхільнікам лібералізацыі. Ці гэта сапраўды так?

Мікалай Снапкоў: “Я не прыхільнік лібералізацыі. Хаця, калі ўгледзецца ў корань гэтага слова, дык я, натуральна, прыхільнік свабоды. Свабоды прадпрымальніцтва, свабоды магчымасцяў, свабоды адказнасці за сябе, за сваю сям’ю перад грамадствам, а грамадства – перад табой. Нельга гуляць у адны вароты. Нельга казаць, што дзяржава — сволач, бо не праклала каму-небудзь тратуарную дарожку ад вялікай дарогі да майго дома.

Можа, гэта крыху шматслоўна. Але гэта насамрэч маё асэнсаванне свабоды як адносінаў чалавека і грамадства з пункту гледжання патэнцыялу магчымасцяў. А вось з пункту гледжання эканамічных працэсаў лібералізацыя стала агульным словам. Мне больш падабаецца здаровы розум”.

Еўрарадыё: Што вы маеце на ўвазе пад “здаровым розумам”?

Мікалай Снапкоў: “Ёсць здаровы розум эканамічных працэсаў, неабходных для ўстойлівага доўгатэрміновага развіцця. Здаровы сэнс. Я думаю, што здаровы сэнс з’яўляецца адным са складнікаў свабоды”.

Еўрарадыё: Ён у вас не супрацьстаіць лібералізацыі?

Мікалай Снапкоў: "Натуральна, не. Але я асэнсавана пазбягаю гэтага слова, бо вакол яго зашмат спекуляцыяў. Ёсць эканамічныя законы. А ёсць эканамічныя законы з папраўкай на наш менталітэт і на сённяшнюю сітуацыю. І вось нам трэба выхоўваць сябе. І мяне трэба выхоўваць, як чыноўніка, які адказвае за тую ці іншую частку эканамічнай палітыкі краіны. Я павінен выхоўваць сябе кожны дзень, каб… Каб, напрыклад, не адштурхнуць сёння вас. Не адштурхнуць прапановы, якія прыйшлі.

Напрыклад, у мяне вялізная загрузка, вельмі шмат папераў, і тут чалавек прыходзіць і хоча нешта сказаць. Я мог бы адштурхнуць яго, але ёсць штодзённае выхаванне самога сябе: меркаванне грамадзяніна, меркаванне грамадства мне мусіць быць важнае! Нават калі я, напрыклад, лічу сябе вялікім прафесіяналам і ў мяне суперэксперты, якія скончылі лонданскія школы і лепш ведаюць эканамічныя законы і накірунак эканамічнай палітыкі краіны за чалавека, які хоча паўдзельнічаць".

Еўрарадыё: Ці лічыце вы, што лібералізацыя паўдзельнічала ў інфляцыйных працэсах, і ці не адштурхне гэты крызіс наш ўрад ад лібералізацыі?

Мікалай Снапкоў: Пытанне лібералізацыі выплыла ў некаторую частку інфляцыйных працэсаў. У частку, бо ў асноўным на інфляцыю ўплывалі манетарныя фактары. І мы не бачым, што зараз нашае грамадства гатовае да лібералізацыі і разумее, што гэта добра. Асноўная частка грамадства, наадварот, кажа: “Гэта дрэнна! Я не хачу, каб падвышаліся кошты!”. А прадпрымальнік кажа: “А я не магу больш працаваць, сціснуты ў межах фарміравання сабекошту, структуры выдаткаў, гандлёвых надбавак, рознічных нацэнак… Я не магу, калі вы так сціскаеце развіццё!”. Дзе тут сярэдзіна? Разумная, здаровая сярэдзіна - гэта і ёсць рэгулятыўная функцыя дзяржавы”.

Еўрарадыё: Шмат людзей прыносяць у Міністэрства эканомікі свае антыкрызісныя праграмы?

Мікалай Снапкоў: “Прапановы ёсць. Паступаюць у тым ліку і на мой сайт, за што вялікі дзякуй! Ёсць пазітыўныя, ёсць негатыўныя. Ёсць увогуле неканкрэтныя, а папросту нейкія воплескі эмоцыяў. Гэта не вельмі добра, але што рабіць. Асабліва шмат прапановаў ад бізнэс-саюзаў. У тым ліку, па Дырэктыве № 4 мы з імі вельмі шчыльна папрацавалі, за што і ім вялікі дзякуй. І таксама хачу сказаць дзякуй спадарыні Грынюк - яна вельмі хутка і крэатыўна адгукнулася на нашае запрашэнне далучыцца да працы. Мы з ёй дакладна працягнем распаўсюджваць па ўсёй краіне прынцыпы SWOT-аналіза. Гэта супастаўленне перавагаў, недахопаў, пагрозаў… Вельмі эфектыўны падыход, і, я думаю, мы з ёй будзем навучаць нашыя прадпрыемствы, каб яны прагназавалі сваю дзейнасць менавіта з дапамогай SWOT-аналізу”.

Еўрарадыё: Чаму ў Беларусі дагэтуль не створана нешта накшталт антыкрызіснага штабу, які б генераваў і ацэньваў прапанаваныя варыянты пераадолення эканамічных праблем?

Мікалай Снапкоў: “Калі Міністэрства эканомікі бачыць праблему - мы вельмі хутка збіраем невялікую працоўную групу. Адпрацоўваем - і рэалізуем. Магчыма, гэта не заўжды атрымліваецца хутка і не заўжды добра, але мне больш падабаецца такі варыянт працы. Не хачу, каб у нас было, як у тым анекдоце: "Што робяць, калі ў Японіі і ў Расіі сканчаецца рыба? У Японіі ідуць лавіць рыбу. У Расіі збіраюць камісію наконт таго, што трэба рабіць, калі скончылася рыба”. Разам з тым, працуе грамадска-кансультацыйны савет, які працуе стала. Я б адзначыў працу сп. Швяца і сп. Карагіна. Яны агрэсіўна так працуюць. Я б нават сказаў, апетытна”.

Еўрарадыё: Але грамадска-кансультацыйны савет не займаецца цякучымі справамі. Такімі, як, напрыклад, рэгуляванне коштаў.

Мікалай Снапкоў: "Што датычыцца антыкрызісных захадаў і коштаў. Аддзел коштаўтварэння ў нас ёсць. І ён займаецца маніторынгам і кантролем за сітуацыяй. Але мы з вялікай асцярожнасцю ставімся да пытанняў коштаўтварэння і антыманапольнай палітыкі. Мы мінімізуем… Не тое, што рэгулятыўныя функцыі нават. Але з коштаўтварэннем трэба зараз паводзіць сябе вельмі акуратна, каб не сапсаваць тое, што мы зрабілі дагэтуль. Гэта складаны працэс, кожны недакладны крок можа ці на прадпрымальніцкім, ці на дзяржаўным узроўні выклікаць хвалю негатыву. Таму трэба тут паводзіць сябе вельмі тонка і спакойна. Тым больш, што мы ўпэўненыя: кошты збалансуюцца настолькі, наколькі гэта магчыма ў нашай сітуацыі, і з улікам дыспарытэта ў коштах з нашай усходняй суседкай. А гэта ёсць, і трэба разумець, што паступова мы ўсё ж будзем набліжацца адно да аднаго. Як доўга? Жыццё пакажа".

Еўрарадыё: Атрымоўваецца, што “антыкрызісных штабоў” некалькі?

Мікалай Снапкоў: “А што да антыкрызіснага штаба - і такі штаб у нас ёсць. Ён называецца Прэзідыум Савета міністраў. Не заўжды новыя фарміраванні могуць быць больш эфектыўнымі, чым старыя. У Прэзідыум уваходжу і я, і міністр фінансаў. Уласна кажучы, я, насычаючыся сітуацыяй тут, магу там ажыццяўляць тыя рэчы, якія лічу мэтазгоднымі. Плюс прыходзяць прадстаўнікі Нацыянальнага банка.

Мы думалі наконт таго, каб сабраць так званую групу прыняцця рашэнняў. Ад 3 да 10 чалавек, якія прымаюць рашэнне - і яно выконваецца. Але, па сутнасці, гэта і ёсць Прэзідыум. Плюс тыя людзі, якіх у Прэзідыуме палічаць неабходным прыцягнуць да працы як экспертаў. Што і ажыццяўляецца. Бо асабіста я заўжды сумняюся ў тым, што прынятае рашэнне - дакладнае. Я заўжды сумняюся. У кожнага пытання ёсць два бакі. У медаля два бакі. У палкі два канцы. Хто ў гэтым свеце можа ўзяць адказнасць за тое, што тое, што ён сказаў, і тое рашэнне, якое ён прыняў, - гэта адзінае вернае?”

Еўрарадыё: Я ведаю экспертаў, якія не нясуць свае антыкрызісныя праграмы ў Міністэрства эканомікі толькі таму, што баяцца за свае аўтарскія правы на іх…

Мікалай Снапкоў: “Афіцыйна заяўляю, што калі прыму чые-небудзь канкрэтныя прапановы - я абавязкова буду захоўваць інтэлектуальную ўласнасць і заяўляць аўтара. Больш за тое - я гатовы прапанаваць працу, калі ў аўтара будзе такое жаданне”.

 

Павел Свярдлоў, Еўрарадыё

Источник: tut.by