Проекты

Основные разделы сайта

Улада і бізнэс — партнёры

 Учора адбылося пашыранае пасяджэнне Прэзідыума Савета Міністраў Беларусі з удзелам прадстаўнікоў беларускіх дзелавых колаў. Бізнэс-супольнасць і ўлада дамовіліся аб супрацоўніцтве. Урад гатовы да будавання новай мадэлі эканамічнага развіцця нашай краіны.

Источник: http://zviazda.by

 Учора адбылося пашыранае пасяджэнне Прэзідыума Савета Міністраў Беларусі з удзелам прадстаўнікоў беларускіх дзелавых колаў. Бізнэс-супольнасць і ўлада дамовіліся аб супрацоўніцтве. Урад гатовы да будавання новай мадэлі эканамічнага развіцця нашай краіны.

 

2012 — год збалансаванага развіцця

 

Прэм'ер-міністр Беларусі Міхаіл Мясніковіч падкрэсліў, што эканоміка будзе засноўвацца на якасных паказчыках. А 2012 год ён назваў годам збалансаванага развіцця, стабільнасці на валютным і спажывецкім рынках. "Але пры гэтым будзе праводзіцца жорсткая крэдытна-грашовая і бюджэтна-падатковая палітыка, — нагадаў пра ўсё ж такі цяжкую эканамічную сітуацыю прэм'ер. — І эмісійныя рэсурсы, якія накіроўваюцца ў эканоміку, будуць рэзка абмежаваны".

Прыярытэтам сваёй палітыкі ўрад вызначыў стымуляванне вытворчага і інвестыцыйнага бізнэсу, пераапрацоўчых прадпрыемстваў на мясцовай сыравіне, сферы паслуг. "Падтрымка будзе ажыццяўляцца ўсім, незалежна ад формаў уласнасці", — запэўніў Міхаіл Мясніковіч. Таксама ў хуткім часе можа знізіцца стаўка падатку на прыбытак: "Рашэнне пакуль не прынята, але мы плануем, што паступова яна будзе зніжацца", — заявіў кіраўнік ўрада.

 

Прамысловасць — стрыжань,
бізнэс — рухавік

 

Мікалай Снапкоў, міністр эканомікі Беларусі, прызнаў памылковасць ігнаравання прыватнага бізнэсу. "Да гэтага часу Беларусь развівалася на аснове выкарыстання магутнага прамысловага сектара, які падтрымліваў высокія тэмпы эканамічнага росту і ствараў высокі ўзровень занятасці пры, адпаведна, нізкім узроўні беспрацоўя, — пачаў тлумачыць міністр. — Мы не імкнуліся павялічваць прыватны сектар эканомікі, бо ў гэтым, у прынцыпе, не было неабходнасці для высокіх тэмпаў эканамічнага росту. У выніку наша краіна адстала ад краін-партнёраў па ўзроўні ўкладу прыватнага сектара ў ВУП. Цяпер жа відавочна, што прамысловы комплекс з'яўляецца асновай, стрыжнем эканомікі, аднак адзіна магчымым магутным рухавіком фарміравання ўстойлівага эканамічнага росту з'яўляецца прыватны сектар, а менавіта малыя і сярэднія прадпрымальнікі".

 

Асновы новай эканамічнай свядомасці

 

Пасля Мікалай Снапкоў назваў "трох кітоў" доўгатэрміновага эканамічнага росту — гэта канкурэнцыя, інстытут уласніка і дэбюракратызацыя. Акрамя таго, ён падкрэсліў, што неабходна знішчыць падзел успрымання дзяржаўных і недзяржаўных арганізацый. Значнай для эфектыўнага развіцця эканомікі міністр лічыць малую прыватызацыю. Ён нагадаў, што яна была распачата яшчэ ў 1992 годзе, але "паспяхова ў 1996-м забыта". Па словах чыноўніка, менавіта прыватызацыя з'яўляецца галоўным фактарам у будаванні "новай мадэлі эканамічнага развіцця краіны і новай формы эканамічнай свядомасці".

 

Каб быць прывабнымі для інвестараў

 

Міністр эканомікі заявіў, што на ўзроўні краіны стан бізнэс-асяроддзя ўплывае на прывабнасць для інвестараў. Той жа думкі прытрымліваецца і Уладзімір Карагін, старшыня прэзідыума саюза юрыдычных асоб "Рэспубліканская канфедэрацыя прадпрымальнікаў". Прыватызацыя і стварэнне масавага слоя прадпрымальнікаў-уласнікаў, на думку і Уладзіміра Карагіна, і Мікалая Снапкова, — галоўны фактар для той самай прывабнасці. "Якому інвестару будзе цікавы прадпрымальнік, у якога працоўныя плошчы ў арэндзе? — задае пытанне прадстаўнік бізнэс-супольнасці.

 

Таму дыялог паміж бізнэсменамі і ўладай Уладзімір Карагін называе своечасовым. "Сёння была рэальная дыскусія, — сказаў ён пасля пасяджэння, — абмяркоўвалася больш шырокае кола пытанняў, чым рэалізацыя Дырэктывы № 4, Нацыянальнай платформы бізнэсу. Абмяркоўваліся рэальныя механізмы ўзаемадзеяння бізнэсу і ўлады". Прапановы бізнэс-супольнасці ў многім падтрыманы ўрадам. Аднак для больш канструктыўнай працы неабходна, каб кожны прадпрымальнік быў членам саюза ці аб'яднання прадпрымальнікаў. Іначай ён будзе знаходзіцца па-за гутаркай з уладай і будуць улічаны не ўсе меркаванні і галасы.

 

Уладзіслаў КУЛЕЦКІ.

 

 Источник: http://zviazda.by