Проекты

Основные разделы сайта

Віктар Маргелаў: "Людзі сёння вельмі прадумана купляюць прадукты"

Мая маці наводзіла парадак на антрэсолях і знайшла два аднолькавыя пакеты цукру (па 2 кілаграмы ў кожным). Толькі адзін з іх быў набыты ў лістападзе 2010 года, а другі — у кастрычніку гэтага. І на абодвух захаваліся цэтлікі з крам: 2 кілаграмы цукру летась абышліся ў 5,5 тысячы, а зараз — у 11,5 тысячы... І сапраўды, калі сёння заходзіш у краму, то на некаторыя цэннікі лепей не глядзець. Куды далей будуць рухацца цэны, як яны залежаць ад курсу долара, як змяніліся паводзіны пакупнікоў — пра гэта мы гутарым з Віктарам МАРГЕЛАВЫМ, сустаршынёй Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва, дырэктарам гандлёвага прыватнага ўнітарнага прадпрыемства "Трыдакта".

Источник: http://zvyazda.minsk.by

Мая маці наводзіла парадак на антрэсолях і знайшла два аднолькавыя пакеты цукру (па 2 кілаграмы ў кожным). Толькі адзін з іх быў набыты ў лістападзе 2010 года, а другі — у кастрычніку гэтага. І на абодвух захаваліся цэтлікі з крам: 2 кілаграмы цукру летась абышліся ў 5,5 тысячы, а зараз — у 11,5 тысячы... І сапраўды, калі сёння заходзіш у краму, то на некаторыя цэннікі лепей не глядзець. Куды далей будуць рухацца цэны, як яны залежаць ад курсу долара, як змяніліся паводзіны пакупнікоў — пра гэта мы гутарым з Віктарам МАРГЕЛАВЫМ, сустаршынёй Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва, дырэктарам гандлёвага прыватнага ўнітарнага прадпрыемства "Трыдакта".

 

— Віктар Ягоравіч, якія тэндэнцыі ў прадуктовых крамах назіраюцца ў апошнія некалькі тыдняў? Цэны спыніліся ці працягваюць расці?

 

— Працягваюць расці. Асабліва ў апошні час растуць цэны на малако, хоць яны і рэгулююцца дзяржавай. Многіх пакупнікоў здзівіла, калі малако з тлустасцю 1,5% з'явілася па 3,5 тысячы. І што самае цікавае, я не ведаю, як гэта адбываецца, але цэны на малако адных малаказаводаў могуць адрознівацца ад цэн іншых малаказаводаў амаль у два разы: у асноўным малако мінскіх малаказаводаў даражэйшае, а раённых — таннейшае.

Расце цана і на хлеб. Крыху запаволіўся рост цэн на каўбасныя вырабы ў апошні месяц. Гэта звязана з тым, што яны вельмі блізка падышлі ўжо да рэальнай мяжы: я мяркую, што калі яшчэ пачаць павышаць цэны на каўбасы, то попыт на гэтую прадукцыю можа наблізіцца да нуля або быць зусім невялікім. Падае попыт і на мясную ды курыную прадукцыю. Іх аб'ёмы рэалізацыі падаюць, хоць, магчыма, калі паглядзець у грашовым вымярэнні, то за кошт росту цэн аб'ёмы рэалізацыі і захоўваюцца. Дарэчы, што тычыцца мяса, то вельмі часта чуем, што мяса і паўфабрыкаты многім не па кішэні.

 

У цэлым можна сказаць, што людзі сёння вельмі прадумана купляюць ежу. Калі раней чалавек проста мог накідаць прадуктаў у кошык і ісці да касы, то сёння я бачу шмат людзей, якія лічаць грошы, параўноўваюць варыянты, нешта запісваюць, нешта разглядаюць і вывучаюць.

 

— А ёсць групы тавараў, на якія цэны падняліся, а потым пачалі зніжацца?

 

— Быў усплёск цэн на марожаную рыбу, а як толькі курс долара апусціўся, то з'явіліся прапановы па марожанай рыбе. У прыватнасці, кілька ў аптавікоў была ад 8 тысяч рублёў. Але такія цэны патрымаліся недзе тыдзень, і далей у імпарцёраў зноў пайшлі пераацэнкі ў большы бок — людзі пачалі закладваць свае рызыкі.

 

— Віцэ-прэм'ер Сяргей Румас нядаўна сказаў, што на 20 кастрычніка запланаваны выхад на адзіны курс долара. Як лічыце, калі курс долара трохі знізіцца, то можна будзе чакаць зніжэння цэн?

 

— Калі б мы зафіксавалі адзіны курс недзе на ўзроўні 7500, тады можна было б казаць пра зніжэнне цэн. А калі мы гаворым пра курс 9000-9500 — то, безумоўна, цэны павінны яшчэ падрастаць. Таму рост цэн спыніць складана, дый няма сэнсу.

 

— Скажыце, а ці ёсць у крам праблемы з пастаўкамі тавараў? Я, напрыклад, заўважыў, што асартымент у крамах значна скараціўся...

 

— Правільна вы заўважылі. Ёсць цэлы шэраг пазіцый тавараў, якіх практычна няма. Напрыклад, няма мясной тушонкі беларускай вытворчасці, няма дзіцячага харчавання ў бляшанках — і гэты спіс можна працягваць. Магу толькі сказаць агульны прынцып для тых тавараў, якія адсутнічаюць: калі гэты тавар з вялікай нацэнкай ідзе на Расію, то гэтага тавару няма ў нашым продажы. Як правіла, гэта тычыцца тых тавараў, цэны на якія рэгулююцца дзяржавай.

Існуюць, напрыклад, праблемы з насычэннем курамі. Вядома, пасля таго, як яны выраслі ў цане, сітуацыя трохі палепшылася, але ўсё адно я не магу сказаць, што пастаўкі ідуць бесперабойна. Ёсць напружанасць з сырамі, з малочнай прадукцыяй...

 

— Я так мяркую, буйным крамам сёння лягчэй дамовіцца з пастаўшчыкамі, чым дробным?

 

— Тут, як кажуць у народзе, у кіі два канцы, і абодва б'юць. З аднаго боку, я згодны, што да буйных крам у вытворцаў і пастаўшчыкоў трошкі іншае стаўленне — іх у першую чаргу стараюцца забяспечыць, каб не згубіць з імі кантакт. І дэфіцытны тавар перш за ўсё ідзе ў буйныя крамы, бо яго ўсім не хапае. Але з іншага боку, гіпермаркеты знаходзяцца ў складаным становішчы: калі звычайныя крамы і супермаркеты могуць працаваць на 5-10 тысячах найменняў тавараў, то для гіпермаркетаў патрэбна 100 тысяч найменняў. А ўжо нават 50 тысяч найменняў — гэта мала. Таму ў буйных крам праблема насычэння сваіх прылаўкаў.

 

Павел БЕРАСНЕЎ.

 Источник: http://zvyazda.minsk.by