Проекты

Основные разделы сайта

Бiзнэс папярэджвае: неабходны антыманапольны орган

ЗВЯЗДА

 

Адна трэцяя частка са 145 пытанняў Нацыянальнай платформы бiзнэсу Беларусi 2009 года была вырашана альбо поўнасцю, альбо часткова. Пра гэта паведамiў журналiстам Уладзiмiр Карагiн, старшыня Мiнскага сталiчнага саюза прадпрымальнiкаў i працадаўцаў на прэс-канферэнцыi, дзе падводзiлiся вынiкi 2009 года.


— На сёння пяцьдзясят чатыры са 145 пытанняў Нацыянальнай платформы бiзнэсу Беларусi вырашаны фактычна або фармальна, з найбольш ключавых — гэта свабоднае цэнаўтварэнне i ўвядзенне асабiстай часткi падатковага кодэксу, бо мы 15 гадоў змагалiся за тое, каб усе незразумеласцi ў заканадаўстве трактавалiся ў бок падаткаплацельшчыка, i гэта нарэшце спраўдзiлася. Вельмi сур'ёзным крокам стала лiквiдацыя цэлай групы абаротных падаткаў, праўда, мы былi супраць павышэння падатку на дадатковы кошт на 2 % i заклiкалi не падтрымлiваць гэтую меру, — сказаў Уладзiмiр Карагiн.

 

"Хiтом года" Уладзiмiр Мiкалаевiч назваў барацьбу за свабоднае цэнаўтварэнне:

— Прыемна было пачуць, што новы мiнiстр эканомiкi паабяцаў i ў наступным годзе працягнуць працу па лiбералiзацыi цэнаўтварэння. Ну, вось праведзены першы этап такой лiбералiзацыi, i што — цэны падскочылi на 200 %? Не, ёсць жа межы — цэны падраслi роўна настолькi, наколькi яны выраслi б i без адмены рэгулявання. Але рукi суб'ектаў гаспадарання былi развязаныя, з'явiлася большая гнуткасць у вытворчасцi i продажы, i, безумоўна, гэта станоўча адбiваецца на эканомiцы, — лiчыць Уладзiмiр Карагiн. — Я мяркую, што калi б не былi прыменены гэтыя меры па лiбералiзацыi, то цэны ў крамах сёння былi б на 3-4 % вышэйшыя. А тут канкурэнцыя стрымлiвае iх i прымушае i вытворцу, i прадаўца вельмi асцярожна падыходзiць з пункту гледжання канкурэнтаздольнасцi, ёмiстасцi рынка, павагi да сваiх партнёраў i г.д.

 

Хоць шмат пытанняў, пастаўленых бiзнэсам, за мiнулы год было вырашана i рэалiзавана ў заканадаўстве, аднак Уладзiмiр Карагiн адзначыў, што ёсць моманты, вырашэння якiх спрабуюць пазбегнуць. У якасцi прыкладу старшыня МССПiП прывёў пытанне наконт стварэння сур'ёзнага антыманапольнага органа:

— У краiне неабходна стварэнне антыманапольнага органа, i калi мы сталi пра гэта настойлiва казаць — раптам высветлiлася, што Мiнiстэрства эканомiкi афiцыйна ўпаўнаважана быць гэтым органам. Мы крытыкавалi Мiнэканомiкi за тое, што там толькi 5 чалавек гэтым займаюцца, а, напрыклад, у Расii ёсць магутная федэральная антыманапольная служба, якая адсочвае рух на палову градуса любога замежнага iнвестара, любога манапалiста на тэрыторыi краiны, любое павышэнне цi панiжэнне цаны, праводзiць даследаваннi. У нас жа даследаваннi нiхто не праводзiць, Мiнiстэрства эканомiкi i так перагружана функцыямi, а тут яшчэ i гэтай яго надзялiлi... Нас не задавальняе такое вырашэнне праблемы, — заявiў Уладзiмiр Карагiн.

 

Дарэчы, беларускiя прадпрымальнiкi пачалi рыхтаваць Нацыянальную платформу бiзнэсу Беларусi-2010 — яе першы варыянт ужо быў абмеркаваны на пасяджэннi нацыянальнага камiтэта па прасоўваннi Нацыянальнай платформы. Усяго плануецца правесцi 6 рэдакцый платформы, таму Уладзiмiр Карагiн заклiкаў усiх бiзнэсменаў, экспертаў i iншых зацiкаўленых асобаў накiроўваць свае заўвагi i пажаданнi. Прыкладная дата завяршэння працы над Нацыянальнай платформай на 2010 год — 3 сакавiка.

 

— Цi ёсць уплыў бiзнэс-супольнасцi на стан заканадаўства? Ёсць! — лiчыць Уладзiмiр Карагiн. — Бiзнэс у Нацыянальнай платформе сфармуляваў не шкурныя пытаннi для сябе — гэта важна для ўсяго народа, для ўсёй краiны.

 

Што датычыцца погляду ў будучыню, то Уладзiмiр Карагiн лiчыць, што трэба рабiць стаўку на бiзнэс:

— Сусветны эканамiчны крызiс будзе далей разгалiноўвацца, ён будзе доўжыцца не менш за 10 гадоў, i гэта будзе дзесяцiгоддзе трансфармацыi сусветнай эканомiкi. І тут мы, бiзнэс, кажам нашаму ўраду, што трэба iсцi наперад, трэба рабiць стаўку на беларускi бiзнэс, трэба ўсе завалы на шляху айчыннага прадпрымальнiцтва разгрэбцi. I тады ўнёсак сапраўды будзе 40—50 % ВУП, гэта рэальна зрабiць.

 

У прэс-канферэнцыi ўдзельнiчаў i Андрэй Карпунiн, вiцэ-старшыня ГА "МССПiП", старшыня савета дырэктараў IПА "Рэгiстр" — ён падзялiўся сваiмi меркаваннямi i прагнозамi наконт 2010 года:

— 2009 год быў добры, але цяжкi. Па нашых падлiках, наступны год будзе яшчэ цяжэйшы. Самае дно крызiсу мы чакаем у сакавiку—красавiку—маi. Гэта выклiкана як унутранымi працэсамi, так i тым, што з 1 студзеня мы ўваходзiм у Мытны саюз. Першы месяц будзе цяжка, а потым... зусiм цяжка, — лiчыць Андрэй Карпунiн.

 

Ён мяркуе, што цяжка будзе ў тым лiку з-за таго, што дзяржава як асноўны заказчык згортвае свае выдаткi, а таксама ўмовы для айчыннага бiзнэсу пагаршае павышэнне ППВ да 20 % — мы становiмся менш канкурэнтаздольнымi ў параўнаннi з Расiяй, дзе ППВ 18 % i найбольш шырокi пералiк тавараў i паслуг, якiя абкладаюцца па стаўцы 10 % або зусiм вызваленыя ад падатку на дабаўленую вартасць, i ў параўнаннi з Казахстанам, дзе ППВ 13 %.

 

Адзiнае, што лiчыць станоўчым Андрэй Карпунiн — гэта стабiльнасць беларускага рубля ў дачыненнi да асноўных сусветных валют i расiйскага рубля:

— Нiякiх шараханняў i дэвальвацыi мы не прагназуем, тут трэба аддаць належнае ўладам, якiя прыклалi максiмальныя намаганнi, каб стабiлiзаваць сiтуацыю на валютным рынку. А значыць, iмпарцёры могуць складаць рэальнае бюджэтаванне на наступны год. Гэта ўжо добра, што мы можам праглядаць i пралiчваць фiнансавы год, а не месяц i не тыдзень — з чаго мы пачыналi ў 2009 годзе... Нездарма адзiн з раздзелаў Нацыянальнай платформы — адкрытасць iнфармацыi. Без гэтай адкрытасцi, без лiбералiзацыi гэтых пытанняў мы не дасягнем нiчога ў эканомiцы.

 

А на пытаннi наконт магчымасцi спынення лiбералiзацыi Андрэй Карпунiн адказаў так:

— Бiзнэс жыве i развiваецца па сваiх законах, а не па законах, што прымаюцца ў канкрэтнай краiне. I калi тут адбудзецца пералом i адкат назад, то бiзнэс прарасце ў суседнiх краiнах. Тады краiна страцiць нашмат болей...

 

— Сапраўды, гэта рэальна, што некаторыя прадпрымальнiкi, асаблiва з увядзеннем Мытнага саюза, разглядаюць варыянт адкрыцця свайго бiзнэсу ў Польшчы, Лiтве, Расii i iншых краiнах, — дадае Уладзiмiр Карагiн. — Трэба, каб улады пра гэта ведалi...

 

Павел БЕРАСНЕЎ